ПАЎМАРАФОН У КРАСНЫМСТАВЕ, АБО МЕСЦА, КУДЫ ХОЧАЦЦА ВЯРНУЦЦА

ПАЎМАРАФОН У КРАСНЫМСТАВЕ, АБО МЕСЦА, КУДЫ ХОЧАЦЦА ВЯРНУЦЦА

Автор |2016-10-23T20:28:20+00:0023 октября 2016|Отчеты|1 комментарий

Калісьці маё знаёмства з Польшчай пачалося з трохтыднёвага навучання ў Любліне ў 2002 годзе, таму, даведаўшыся пра паўмарафон у мястэчку Красныстаў Люблінскага ваяводства, вырашыў накіравацца менавіта туды.

Акрамя геаграфічнай блізкасці да Любліна (50 км), паўмарафон у Краснымставе прывабіў нядрэннымі прызамі і не самай моцнай канкурэнцыяй. Па маіх разліках і па дадзеных мінулагодняга пратакола, з часам 1.20-1.22 я павінен быў трапляць у прызы хаця б у сваёй узроставай катэгорыі. Прывабіла і назва паўмарафона – “P??maraton Chmielakowy” – што значыць “Хмяльны паўмарафон”. Аказваецца, спаборніцтвы адбываюца ў рамках штогадовага фэсту “Chmielaki Krasnostawskie”, на які з’язджаюцца вытворцы і аматары хмяльных напояў не толькі з усёй Польшчы, але і з іншых краін.

Chmielaki Krasnostawskie

Зарэгістраваўшыся на сайце паўмарафона, вырашыў начаваць не ў Краснымставе, а ў Любліне (настальгія ўсё ж такі!). Як аказалася, гэта было памылковае рашэнне. Увоге, крыху зайздрошчу тым, хто жыве на захадзе Беларусі, бо мне толькі на тое, каб даехаць да заходняй мяжы, трэба пераадолець з паўтысячы кіламетраў, патраціўшы на гэта паўсутак.

Начным цягніком дабраўся да Брэста, адтуль пераехаў у польскі Цярэспаль. Пабачыўшы, што цягнік на Люблін і далей на Красныстаў ідзе праз тры гадзіны, вырашаў ехаць на Бяла-Падляску, дзе сеў на маршрутку да Краснагастава. Недзе а 15-й гадзіне быў на месцы, што цешыла, але ж да пачатку рэгістрацыі трэба было пачакаць яшчэ гадзіну, якую вырашыў правесці ў мясцовым басейне. Атрымаўшы стартавы пакет, на перакладных (прамых аўтобусаў на Люблін ужо не было), яшчэ некалькі гадзін дабіраўся да Любліна. Карацей, у люблінскім хостэле быў бліжэй да апоўначы, ладнага нацягаўшыся па Краснымставе, маршрутках, аўтобусах і цягніках.

Люблин ж/д перон

Засмучала яшчэ і тое, што замест таго, каб спакойна пагуляць па Краснымставе, паслухаць канцэрты і прыдбаць што-небудзь смачнае ды цікавае ў шматлікіх гандлёвых радах, мне трэба было яшчэ некуды ехаць.

Зацемка на будучыню: начаваць трэба ў месцы, максімальна блізкім да старту.

Рана прачнуўшыся і крышачку прагуляўшыся па ранішнім Любліне, без праблем цягніком дабраўся да Краснагастава.

Люблин краковские ворота

Люблин

Няба чыстае, ветру амаль няма, тэмпература набліжаецца да 25 градусаў (на фінішы паўмарафона яна амаль дасягнула 30 градусаў!). Папіўшы ізатоніка і вады, прыходжу да месца старта і раблю кароткую размінку. Задача – трапіць у прызы і паказаць час 1.20-1.22 (у горшым выпадку хаця б размяняць 1.24).

Кароткая ўрачыстая прамова арганізатараў – і вось ён, старт!.

Красныстав полумарафон старт

Для мяне характэрны хуткі пачатак бегу. Ведаю, што гэта дрэнна, але пакуль мала што магу з гэтым зрабіць: бяжыцца лёгка, і таму высокая хуткасць бегу не адчуваецца. Першыя 2 км трасы праходзілі па горадзе, таму на паваротах хуценька падлічыў, якім я бягу. Аказалася, што 8-м – а гэта гарантаванае прызавое месца на фінішы, да якога, натуральна, трэба яшчэ дабегчы!

Калі крыху разбегліся, дагнаў паляка, які бег 7-м, і прымацаваўся за ім. Гляджу на гадзіннік: 1 км – 3.35, 2 км – 7.10! І гэта замест запланаваных 3.50 і 7.40! Ведаю, што гэта не ёсць добра, але працягваю бегчы за сваім спадарожнікам, бо і яго тэмп з 3-га км пачынае падаць. Выбягаем з горада, бяжым па веладарожцы са жвіру. Побач параплан садзіцца на поплаў – прыгожа!!!

Забягаем у нейкую вёску праз масток, адчуваю, што становіцца цяжкавата.

Красныстав полумарафон бег

А гэта толькі 5-ы км! Таму вырашаю не трымацца за сваім бегавым “сябрам”, пачынаю бегчы ў сваім тэмпе і паціху адпускаць яго. З задавальненнем п’ю ваду і, мінуўшы вёску, убягаю ў лес.

Красныстав полумарафон бег

Як файна, што траціна паўмарафона праходзіла па лясной дарозе ў ваколіцах Краснагастава! У цяньку стала бегчы значна лягчэй, стаў атрымліваць асалоду ад бегу, паскарацца на спусках.

Вось і адзіная кантрольная адсечка: 11,5 км прабег за 43.22 – значыць, павінен быць вынік у раёне 1.22! І тут мяне… абганяе дзяўчына. Ёю аказалася ўкраінка Валянціна Кілярская, якая перамагла сярод жанчын. Разумеючы, што гэта ніяк не ўплывае на маё месца ў мужчынскім заліку, спрабую хоць крыху пратрымацца за Валянцінай, каб дагнаць упартага паляка. І заўважаю, што паціху адлегласць паміж намі, якая была вырасла метраў да 150, пачынае скарачацца.

На жаль, пасля 14-га км лес заканчваецца, пачынаецца асфальтаваная дарога, якая, маючы адзін непрыемны пад’ём, вядзе праз вёскі да фінішу ў Краснымстве. І тут, недзе на 16-17 км, мяне абганяе яшчэ адна ўкраінка Віта Пацярук, што таксама дазваляе крыху падцягнуцца да паляка.

Нарэшце ў раёне адзнакі 19 км даганяю паляка і вырашаю не бегчы побач, разлічваючы на фінішны рывок, а зрабіць “прасвет” паміж намі, каб не даць хлопцу ніякай надзеі, паказаўшы, як мне “добра і лёгка бяжыцца”. Насамрэч беглася ўжо не надта лёгка і добра, але абнадзейвала блізкасць фінішу. Падтрымка мінакоў, паварот на фініш, вітанне каментатара…

Красныстав полумарафон финиш

Пасля таго, як апусціў ўзнятыя на фінішы ўгару рукі і спыніў секундамер, пабачыў на экране 01.21.20 – добры вынік! А мой супернік прыбег толькі праз 40 сек.! Павітаўшы і павіншаваўшы яго фінішы, пачуў: “Але ж ты і выдаў фініш!”.

Красныстав полумарафон финиш

Паколькі паўмарафон праходзіў у межах згаданага вышэй фэсту, то ўсім удзельнікам на фінішы прапаноўвалі выпіць піва, чым я пару разоў і скарыстаўся, атрымаўшы разам з ім смачны макарон, ваду і яшчэ адну пляшку піва!

Красныстав полумарафон финиш

Пераапрануўшыся, стаў чакаць афіцыйных вынікаў. І вось яны: у мяне 9-е месца ў абсалюце і 1-е ў сваёй узроствай катэгорыі!

Трэба адзначыць тут, што вельмі добра выступілі ўкраінцы: у нашых паўднёвых суседзяў першыя тры месцы і ў мужчын, і ў жанчын!

Пасля ўзнагароджвання пераможцаў у абсалюце (па 6 чалавек), сталі ўзнагароджваць прызёраў ва ўзроставых катэгорыях – прыёмна было апынуцца на першай прыступцы подыума і атрымаць кубак, да якога потым дадалі і грашовую ўзнагароду!

Красныстав полумарафон награждение

На жаль, заставацца ў Краснымставе ўжо не было часу, таму разам з украінцамі паехаў дадому, па шляху завітаўшы і да нашых суседзяў.

Красныстав полумарафон

Не без прыгод дабраўся да Брэста, адкуль начным цягніком накіраваўся дадому…

Ехаў стомленым, але задаволеным. А памылкі, дапушчаныя пры планаванні вандроўкі, я ўлічыў і выправіў ужо ў падарожжы на наступны замежны паўмарафон у Луцк. Пра гэта – у іншым артыкуле. А ў Красныстаў абавязкова трэба завітаць у 2017 годзе, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад гэтага горада і фэсту “Хмелякі”!

Лайк! (Пока оценок нет)
Загрузка...

1
Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
avatar
1 Цепочка комментария
0 Ответы по цепочке
0 Последователи
 
Популярнейший комментарий
Цепочка актуального комментария
1 Авторы комментариев
Алексей Авторы недавних комментариев
  Подписаться  
новее старее большинство голосов
Уведомление о
Alexeyushkin
Администратор
Alexeyushkin

прэемны и цикавы даклад, Юрась! Мржна з’ездзиць.